МСЦІСЛА́ВА АБАРО́НА 1654 Адбылася ў г. Мсціслаў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Баі паміж рус. войскамі на чале з А.М.Трубяцкім і войскам ВКЛ пачаліся ў ліп. 1654. Войскі Трубяцкога аблажылі горад. На дапамогу мсціслаўцам падышлі «служылыя людзі» «рословского урядника» М.Посахаўскага колькасцю больш за 3 тыс. чал., якія былі разбіты. У выніку прыступу 22 ліп. горад быў узяты. Паведамляючы аб гэтай перамозе Б.Хмяльніцкаму, цар Аляксей Міхайлавіч у сваёй грамаце пісаў, што горад «взяты взятьем и шляхты, поляков и литвы и иных служилых людей и ксензов и езвуитов и иного их чину побито больши десяти тысяч человек». У якасці палонных баяры і ваяводы адаслалі цару «городничего мсциславского Я.Стенкевича, да ротмистров и иных начальных людей».
В.І.Мялешка.
т. 10, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)